BarcNews.Org - Новости на русском, белорусском и английском.

Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе былі “не менш маштабныя, чым падчас прэзідэнцкіх выбараў ў 2001 годзе”. Аб гэтым заявіла 10 студзеня каардынатар па правах чалавека грамадскай ініцыятывы “Хартыя 97” Людміла Гразнова на прэзентацыі дакумента “Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў 2002 годзе”, падрыхтаванага “Хартыяй”. На думку Людмілы Гразновай, для падрыхтоўкі трэцяга прэзідэнцкага тэрміну і адпаведнага рэферэндума ўлада працягвае прыцясняць асноўныя правы і свабоды чалавека.

У дакуменце сабрана інфармацыя пра палітычныя “знікненні”, пыткі, арышты і затрыманні беларускіх дырэктараў, прадпрымальнікаў і чыноўнікаў. У дакладзе гаворыцца таксама аб адмове ўладаў у правядзенні “справядлівых і адкрытых” судзебных працэсаў

Паводле інфармацыі Хартыі, толькі ў студзені 2002 года былі ўзбуджаны крымінальныя справы супраць старшыні Клімавіцкага райвыканкама, дырэктара “Кааператыўнага нарыхтоўчага гандлю” Магілёўскага аблспажыўсаюза, дырэктара Гомельскага радыёзавода, супраць 6 кіруючых асобаў на МТЗ і кіраўніцтва Гомельскага тлушчкамбіната; арыштаваны былі загадчык кафедры Гомельскага медінстытута, былы дырэктар МТЗ, дырэктар беларускага металургічнага завода ў Жлобіне; былы замдырэктар МАЗа папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.

З поўным тэкстам “Хронікі” можна пазнаёміцца на сайце “Хартыі”: charter97.org/rus/news/2003/01/10/monitoring


Грамадскае аб'яднанне “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута”” (Баранавічы) пачало турнір “Оксфардскія дэбаты”. На працягу месяца плануецца правесці 11 гульняў, тэмамі якіх стануць значныя грамадскія праблемы. Першая пробная гульня адбылася 24 лістапада. Яна была прысвечана тэме легалізацыі прастытуцыі. Пераможцам стала каманда Баранавіцкага філіяла інстытута кіравання, супраць якой гулялі студэнты інстытута правазнаўства. Турнір праводзіцца пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь у рамках праграмы па папулярызацыі правоў чалавека сярод насельніцтва г. Баранавічы і раёна.


У хуткім часе мінчане зноў змогуць наведаць фотавыставу, прысвечанай экалагічным праблемах Беларусі “Жыццё ў супярэчнасці”, арганізатарам якой выступае “Фонд рэалізацыі ідэй”.

Гэта экспазіцыя ўжо была прадстаўлена сёлета ў жніўні ў Нацыяныльнай бібліятэцы Беларусі. Работы фотамастакоў Ігара Бышнёва, Васіля Мазаева, Дзяніса Сінюгіна і Андрэя Савіча атрымалі найлепшыя водгукі ад гледачоў. (Дарэчы, зараз экспазіцыя знаходзіцца ў горадзе Жодзіна.)

Сёння супрацоўнікі “Фонда” (каля пятнаццаці чалавек) таксама працуюць над ажыццяўленнем і іншых праектаў, у ліку якіх – распрацаваная сумесна з Нарвежскім таварыствам ахвы навакольнага асяроддзя праграма экаадукацыі, што дзейнічае ў некалькіх школах Мінска і універсітэце імя Сахарава. Зараз ідзе рэалізацыя беларуска - дацкага праекта, арыентаванага на развіццё рэгіянальных грамадскіх арганізацый экалагічнай накіраванасці ў нашай краіне.

Грамадскае аб'яднанне “Фонд рэалізацыі ідэй” распачало сваю дзейнасць два гады таму як ініцыятыўная група, а ў ліпені 2002 года было афіцыяльна зарэгістравана. Сваёй мэтай арганізацыя лічыць зніжэнне негатыўнага ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе і змяненне спажывецкіх адносін да яго.

Арына Ганчарова


Грамадская ініцыятыва Terra-Канвенцыя выступіла 13 лютага з ініцыятывай наладзіць грамадскае абмеркаванне па пытанню ахоўных тэрыторый і для ратавання Белавежскай пушчы.

Патрабаванні грамадскай ініцыятывы – распрацаваць палажэнне аб Нацыянальным парку ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, распрацаваць план устойлівага развіцця пушчы да 2020 года, хадайнічаць перад міжнароднай супольнасцю аб пераносе пушчы у спіс сусветнай спадчыны, якой пагражае небяспека (зараз пушча знаходзіцца у спісе сусветнай прыроднай спадчыны).

На думку Здзіслава Мураўёва, старшыні Беларускага таварыства аховы прыроды, праблема Белавежскай пушчы у яе прававым становішчы. Пушча падначалена не Міністэсртву прыроды, а адміністрацыі прэзідэнта. Гэта выключае кантроль з боку грамадскасці. Ігнаруецца заканадаўства і міжнародныя палажэнні аб прыродаахоўных тэрыторыях. Паводле міжнародных нормаў, нацыянальныя паркі павінны забяспечвацца фінансавымі сродкамі з боку дзяржавы. У Беларусі гэтага не сінуе. Акрамя таго, пушча існуе без палажэння, якое павінна рэгуляваць яго статус. “Такая форма як нацыянальны парк не можа забяспечыць захаванне пушчы”, - перакананы Здзіслаў Мураўёў.

Зараз толькі 18% плошчаў пушчы захавалі сваю запаветнасць (забаронены вырубкі), і гэта самы малады лес, некарэнная пушча. Навукоўцы прапануюць надзяліць статусам запаведнай тэрыторыі усю карэнную пушчу, на якой зараз вядзецца гаспадарчая дзейнасць. Інсуюць таксама распрацоўкі наконт экалагічных метадаў аднаўлення пушчы.

Грамадская ініцыятыва Terra-Канвенцыя запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да абмеркавання. Кантакты: (017) 236 50 76.


Адразу тры грамадскія арганізацыі Беларусі апынуліся пад пагрозай закрыцця. На пачатак траўня прызначаны суды над Гродзенскім абласным грамадскім аб'яднаннем “Ратуша”, Грамадскім аб'яднаннем “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута” (Баранавічы, Брэсцкая вобласць) і рэспубліканскім ГА Маладзёжны Хрысціянска-сацыяльны Саюз.

Іскі аб ліквідацыі гэтых аб'яднанняў былі пададзеныя амаль адначасова. Падставамі для іх сталі фармальныя недакладнасці ў дакументацыі. На думку сябраў арганізацый, гэтыя падзеі маюць пад сабой палітычны грунт. Так, намеснік старшыні МХСС Андрэй Казакевіч заўважыў, што праблемы пачаліся з таго моманту, як у арганізацыю ўступіла пэўная колькасць сябраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі і МХСС пачаў больш жорстка выступаць выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі Алесь Бяляцкі зазначыў, што кампанія па забароне грамадскіх арганізацый – гэта палітычны заказ. На думку сп. Бяляцкага, гэтымі трыма арганізацыямі кампанія не абмяжуецца і пачнуцца новыя рэпрэсіі. Аднак ён мяркуе, што “пазбаўленне рэгістрацыі не пазбавіць людзей актыўнасці”. Сп. Бяляцкі нагадаў таксама, што тры НДА, якія былі закрытыя ў 2001 годзе – Маладзёжны Інфармацыйны Цэнтр, Задзіночанне беларускіх Студэнтаў і ГА "Брэсцкі абласны цэнтр падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў "Вежа" - паспяхова працягваюць дзейнічаць пасля пазбаўлення іх рэгістрацыі.

Асамблея НДА мае намер пачаць кампанію салідарнасці з забароненымі грамадскімі аб'яднаннямі і заклікае ўсе НДА далучыцца да гэтай кампаніі.


Семінар-канферэнцыя на тэму “Алкагалізм, наркаманія, гвалт” адбудзецца 15-16 траўня ў Гродне. Мерапрыемства ладзіцца Цэнтрам міласэрнасці “Сям'я”, сумесна з Аб'яднаннем практычных псіхолагаў і грамадскім аб'яднаннем “Ступени”. Чакаюцца ўдзельнікі з Расеі, Польшчы, Нямеччыны. Таксама прымуць удзел псіхолагі, настаўнікі, прадстаўнікі ўладных структур горада.

У першы дзень адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя, а ў другі дзень – семінар. Таксама адбудзецца паказ фільму “Алкагалізм і гвалт” і сход ананімных алкаголікаў.

Ірына Чэрняўская, “Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны”


Бабруйская скаўцкая дружына ”Сатурн” Хрысціянскай садружнасці дарослых і маладых разам, з дзіцячымі турклубамі “Бабраня” і “Вандроўнік”, да Дня Зямлі зладзіла экалагічную акцыю – талаку па ўпарадкаванні Белага Берага -- прыродаахоўнай зоны на рацэ Бярэзіна. Праз абвесткі ў гарадскіх газетах да ўдзелу былі запрошаны ўсе ахвочыя.

Гэта не першая экалагічная акцыя, арганізаваная бабруйскімі скаўтамі. Летась на працягу двух тыдняў на Белым Беразе працаваў летнік: моладзь прыбірала Белы Бераг, а таксама нагадвала гараджнам аб правілах паводзін на прыродзе.

Скантактавацца са старшынёй бабруйскай скауцкай дружыны Вольгай Чайцынай можна па тэлефоне (0225) 55-82-16.

Віктар Качан


Больш чым 30 маладых соснаў пасадзілі ў горадзе Барань Аршанскага раёна ўдзельнікі акцыі “Палюбі cвой горад – пасадзі дрэва!” На працягу апошніх некалькіх гадоў колькасць дрэў у горадзе значна скарацілася як у выніку прыродных катаклізмаў, так і ў выніку высякання старых дрэў. Таму грамадскія арганізацыя з дапамогай жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада вырашылі аднавіць зялёны парк. Выбар спыніўся на соснах як на дрэвах, якія жывуць шмат гадоў і найбольш эфектыўна ачышчаюць паветра і робяць яго багацейшым на фітанцыды. Удзельнікі акцыі спадзяюцца, што гэта быў толькі пачатак аднаўлення роднага горада.

Ініцыятармі гэтай акцыі сталі Бараньскія гарадскія грамадскія арганізацыі Дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам і Асацыяцыя шматдзетных бацькоў, якія ўваходзяць у склад Бараньскага грамадскага клуба “Ступени”.

Ірына КАЧАНОВІЧ


Рэалізаваць свае ідэі, а таксама зрабіць узнёсак у эканамічнае і культурнае развіццё Наднёманскага краю прызвана дапамагчы гарадзенскім жанчынам грамадскае аб'яднанне “Жаночая бізнес-ініцыятыва”.

Са слоў прэзідэнткі арганізацыі Людмілы Маджыдавай, сябровак аб'яднання хвалюе, што толькі 2,5% жанчын працаздольнага ўзросту ў Гародні працуюць у малым і сярэднім бізнесе. “Жаночая бізнес-ініцыятыва” прадстаўляе жанчынам, занятым у гэтай сферы, шырокае кола магчымасцяў для паспяховага ажыццяўлення іх творчых і прадпрымальніцкіх праектаў.

Дадатковая інфармацыя аб дзейнасці арганізацыі даступна па будніх днях па тэлефоне ў Гародні 33-06-02 (з 15.00 да 18.00).


Пад такой назвай на працягу трох гадоў Сацыяльна-педагагічнае грамадскае аб'яднанне “Чазенія” ладзіць у Заслаўі (Мінскі раён) дабрачынную акцыю. Педагогі і валанцёры аб'яднання імкнуцца стварыць навагодні святочны настрой дзецям з шматдзетных і малазабяспечанных сем'яў горада.

Арганізатары акцыі будуць вельмі ўдзячныя, калі Вы прымеце ўдзел у акцыі і дапаможаце зрабіць Новы год святам для гэтых дзяцей. Магчыма, у вас ёсць цацкі, адзенне (для ўзроста з 6 да 14 гадоў), кніжкі, якія знаходзяцца ў добрым стане, але вы імі не карыстаецеся. Гэтыя рэчы будуць часткай падарункаў для дзяцей, якія прыйдуць на навагодняе свята 28 снежня 2002г.

Збор рэчаў для падарункаў адбываецца па суботам з 9 да 12 гадзін у Цэнтры дзіцячай творчасці па адрасе: г. Заслаўе, вул. Дачная, 13.

Супрацоўнікі аб'яднання таксама гатовы адказаць на пытанні па тэлефонах (017) 544-13-77 (па суботах з 9 да 12 гадзін); па факсу (017) 544-39 – 23 (кожны дзень пасля 19.00) ці па e-mail: .(Этот E-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен JavaScript). Каардынатар акцыі - Алена Грыгальчык.

 <  1 2 3 4 5 >
Сейчас на сайте посетителей:2
комментируют


Горячее ВИДЕО все видео
Loading...