Адразу тры грамадскія арганізацыі Беларусі апынуліся пад пагрозай закрыцця. На пачатак траўня прызначаны суды над Гродзенскім абласным грамадскім аб'яднаннем “Ратуша”, Грамадскім аб'яднаннем “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута” (Баранавічы, Брэсцкая вобласць) і рэспубліканскім ГА Маладзёжны Хрысціянска-сацыяльны Саюз.
Іскі аб ліквідацыі гэтых аб'яднанняў былі пададзеныя амаль адначасова. Падставамі для іх сталі фармальныя недакладнасці ў дакументацыі. На думку сябраў арганізацый, гэтыя падзеі маюць пад сабой палітычны грунт. Так, намеснік старшыні МХСС Андрэй Казакевіч заўважыў, што праблемы пачаліся з таго моманту, як у арганізацыю ўступіла пэўная колькасць сябраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі і МХСС пачаў больш жорстка выступаць выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі Алесь Бяляцкі зазначыў, што кампанія па забароне грамадскіх арганізацый – гэта палітычны заказ. На думку сп. Бяляцкага, гэтымі трыма арганізацыямі кампанія не абмяжуецца і пачнуцца новыя рэпрэсіі. Аднак ён мяркуе, што “пазбаўленне рэгістрацыі не пазбавіць людзей актыўнасці”. Сп. Бяляцкі нагадаў таксама, што тры НДА, якія былі закрытыя ў 2001 годзе – Маладзёжны Інфармацыйны Цэнтр, Задзіночанне беларускіх Студэнтаў і ГА "Брэсцкі абласны цэнтр падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў "Вежа" - паспяхова працягваюць дзейнічаць пасля пазбаўлення іх рэгістрацыі.
Асамблея НДА мае намер пачаць кампанію салідарнасці з забароненымі грамадскімі аб'яднаннямі і заклікае ўсе НДА далучыцца да гэтай кампаніі.
Комментарии
Чтобы оставить комментарий, необходимо войти или зарегистрироваться