BarcNews.Org - Новости на русском, белорусском и английском.

Беларусь – у Эўропу

Главная страницаНовости  Тема дня 

У Беларусь у хуткім часе прыбудзе дэлегацыя Рады Эўропы. Мэта яе візыту - вядзеньне перамоваў як з прадстаўнікамі ўладаў, так і з прадстаўнікамі дэмакратычных структураў. Адначасова ў эўрапейскіх структурах будзе працягнутая праца па вырашэньні “беларускага пытаньня”.Такое рашэньне прынятае ў Вільні (Літва) на паседжаньні Палітычнага камітэту Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы, якое адкрылася 19 лістапада. (Рада Эўропы, заснаваная ў 1949 годзе, знаходзіцца ў Страсбурзе, налічвае 39 краінаў-удзельніцаў і займаецца ўмацаваньнем палітычнага, сацыяльнага, прававога і культурнага супрацоўніцтва, а таксама абаронай чалавечых каштоўнасьцяў у Эўропе.) Праца камітэту праходзіць у сталіцы Літвы па той прычыне, што з лістапада нашыя суседзі старшынствуюць у Радзе Эўропы. 20 лістапада паседжаньне ПК ПАРЭ было прысьвечанае разгляду “беларускага пытаньня”. Нагадаем, што беларускія ўлады ўскладалі на гэтае паседжаньне вялікія надзеі. На іх думку, па кіраўніцтва заходніх краінаў павіннае ўрэшце прызнаць афіцыйны Менск і вярнуць Беларусі статус ганарова запрошанага ў Радзе Эўропы. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі нават распаўсюдзіла ў сувязі з гэтым камэнтары беларускага прэзыдэнта, у якіх, у прыватнасьці, гаворыцца, што “Рада Эўропы і яе Парляманцкая асамблея не павінны і надалей заставацца закладнікамі сваіх рашэньняў пяцігадовай даўніны і ігнараваць рэальныя зьмены ў Беларусі. Несправядліва закрываць вочы на тыя крокі, якія прадпрымаюць улады краіны, асабліва ў апошнія гады, па далейшай дэмакратызацыі краіны”.Але сёньняшняе паседжаньне ня ўнесла канчатковай яснасьці ў сытуацыю зь Беларусьсю: было вырашана надалей працягнуць разгляд беларускага пытаньня і працягнуць кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама распачаць навязваць супрацоўнітва з афіцыйнымі структурамі. Таксама вырашана паслаць у Беларусь дэлегацыю для перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў, апазыцыі і няўрадавых арганізацый. Відавочна, такое рашэньне ня можа цалкам задаволіць беларускія ўлады. Аднак яно больш спрыяльнае для Аляксандра Лукашэнкі, чым схэма, прапанаваная ЗША – супрацоўніцтва заходніх краінаў толькі з беларускай апазыцыяй.Асаблівую прыхільнасьць да варыянту дыялёгу зь цяперашнім беларускім рэжымам праявілі прадстаўнікі Скандынаўскіх краінаў. Па меркаваньні назіральнікаў, значную працу па прызнаньні беларускіх уладаў праводзіць амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімір Гаркун і ў многім даволі спрыяльнае рашэньне Палітычнага камітэту – ягоная заслуга. У сваю чаргу беларускія арганізацыі Літвы лічаць падобны падыход Рады Эўропы да вырашэньня сытуацыі зь Беларусьсю бясплённым. Такая пазыцыя была выказаная і 20 лістапада на пікеце у абарону газэты “Пагоня”, арганізаваным Беларускім таварыствам культуры, які прайшоў ля будынку, дзе адбывалася паседжаньне Палітычнага камітэту ПАРЭ. Каля 20 чалавек выйшлі ў Вільні з плякатамі з надпісамі ў абарону закрытай беларускімі ўладамі газэты. Аднак, празь некаторы час іх колькасьць паменела да дзевяці, паколькі літоўскія законы дазваляюць выяўленьне свайго меркаваньня ў любым месцы без папярэджаньня ўладаў менавіта такой колькасьці грамадзянаў.
Комментарии

Чтобы оставить комментарий, необходимо войти или зарегистрироваться
Сейчас на сайте посетителей:2
комментируют


Горячее ВИДЕО все видео
Loading...