BarcNews.Org - Новости на русском, белорусском и английском.

Кальварыйскія могілкі: мяжа бяспамяцтва

Главная страницаНовости  Тема дня 

16 лістапада ў Менску адбыўся круглы стол па праблеме разбурэньня Кальварыйскіх могілкаў у Менску.

На працягу доўгага пэрыяду пахаваньні на Кальварыі былі забароненыя. Аднак у 1997 годзе там былі дазволеныя т. зв. камэрцыйныя пахаваньні. Гэта значыць, што родныя памерлага за пэўную суму (на пачатку прыкладана $100, а цяпер і да $1000) атрымлівалі магчымасьць пахаваць яго на старадаўніх могілках. Але жадаючых аказалася так шмат, што вольныя месцы хутка скончыліся. Тады Спэцкамбінат Менгарвыканкаму – уладальнік могілкаў – дазволіў рабіць новыя пахаваньні на месцы старых. Па словах сьведкаў, рабочыя сьцягвалі помнікі зь некаторых магілаў да сьметніцы альбо іх разьбівалі. Пасьля на гэтым месцы ставілася шыльда “Магіла недагледжаная. Падлягае зносу”, і празь некалькі тыдняў магілу зносілі. Такім чынам вызваляліся вольныя месцы для багатых нябожчыкаў.

Так, побач з магілай беларускага паэта Янкі Лучыны, ля самага касьцёлу, зьявілася новае, праваслаўнае, пахаваньне. Са словаў Алы Сакалоўскай, аўтаркі кнігі “Кальварыя”, зьнішчаныя сотні пахаваньняў, якія можна знайсьці на старых плянах могілкаў, а яшчэ дзесяткі магілаў чакае такі ж лёс. Ужо амаль не існуе т. зв. Аўстрыйскай горкі, дзе былі пахаваныя нямецкія і аўстрыйскія ваеннапалонныя, памерлыя ў Менску пад час І-ай Сусьветнай вайны. Між тым Кальварыя – гэта ня проста могілкі, на старадаўнім цьвінтары пахаваныя шматлікія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, знакамітых шляхецкіх родаў 19 – пачатку 20 стагодзьдзяў. Сваю гісторыю Кальварыя вядзе з 17 стагодзьдзя, а з канца 18 стагодзьдзя яна становіцца менскімі гарадзкімі могілкамі.

Акрамя астатняга, зьнішчэньне старых магілаў нясе эпідэміялягічную небясьпеку: верагодная актывізацыя ўзбуджальнікаў такіх інфэкцыйных захворваньняў як сухоты, халера ды інш.

Разбураючы магілы, Спэцкамбінат Менгарвыканкаму парушае пастанову № 318 ад 10 жніўня 2001 г. Камітэту па ахове помнікаў, якая забараняе новыя пахаваньні на цьвінтары. Аднак круглы стол па праблеме Кальварыйскіх могілкаў быў скліканы не зь ініцыятывы Камітэту, а зь ініцыятывы ксяндза-магістра Ўладыслава Завальнюка, пробашча касьцёла сьвятых Сымона і Алены. Да таго ж, праектную дакумэнтацыю для наданьня Кальварыйскім могілкам статусу гістарычнага помніку ў Беларускім праектна-рэстаўрацыйным інстытуце замовіў таксама не Камітэт, а усё той жа касьцёл. Праўда, на круглым стале старшыня Камітэту па ахове помнікаў сп. Бубноўскі (дарэчы, пры кіраўніцтве якога была дазволеная рэканструкцыя Верхняга гораду ў Менску з пабудовай аўтастаянкі(!)) запэўніў, што Камітэт накіруе дакумэнты аб разбурэньні могілкаў у гарвыканкам і пракуратуру.

У сваю чаргу, старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў бачыць выйсьце з сытуацыі, што склалася вакол Кальварыйскіх могілкаў, у прыняцьці закону аб пахавальнай справе. Сп. Трусаў зьвярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на тое, што падзеі на Кальварыі не адзінкавы падобны выпадак у Беларусі. Такое ж адбываецца ў Курапатах, Трасьцянцы ды іншых цьвінтарах краіны.
Комментарии

Чтобы оставить комментарий, необходимо войти или зарегистрироваться
Сейчас на сайте посетителей:2
комментируют


Горячее ВИДЕО все видео
Loading...