BarcNews.Org - Новости на русском, белорусском и английском.

«Вярнуць мужчыну...»

Главная страницаНовости  Общество 

Пра перспектывы жаночага ўдзелу ў палітыцы распавяла Святлана Каралёва, старшыня грамадскай арганізацыі “Жаночы адказ”, стваральніца першага ў Беларусі не камсамольскага грамадскага аб'яднання “Нэкст стоп - нью лайф” 1991. Святлана балатуецца кандыдатам ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў па Галадзедаўскай акрузе №4. Яна натхніла яшчэ многіх жанчын прыняць удзел у выбарах. Яна ўпэўнена, што на наступных прэзідэнцыкіх выбарах жанчына прывядзе да ўлады іншага чалавека. Па нейкай іроніі лёсу яе акруга – адзіная, дзе на дэпутацкі мандат прэтэндуюць чатыры жанчыны.

Для чаго вы асабіста хочаце стаць дэпутатам?

Я – грамадскі дзеяч. Ніколі дагэтуль грамадскія дзеячы не былі ва ўладзе. У нас іншы падыход да палітыкі. У нас ёсць сваё гледзішча. Мы будзем зусім па-іншаму працаваць з людзьмі, таму што мы імі народжаны. Я валодаю інфармацыяй. Я ў гарсавеце паспрабую наладзіць інфармаванасць і карыстацца хаця бы з тых правоў, што мы маем.

Дэпутацкі мандат трэба атрымаць, каб было прасцей працаваць з людзьмі. Таму што ты выбраны народам, і наменклатура і выканаўчая ўлада не могуць табе перашкаджаць. Яны павінны табе аказваць садзеянне. У многіх гарадах Беларусі жанчыны здолелі зразумець, што калі ты ўвойдзеш ва ўладу – гэта яшчэ адзін канал падтрымкі, і гэта будзе працаваць на цябе. Для мяне зразумела, што жанчыны НДА павінны пайсці ва ўладу. Але яны так занятыя НДА і так баяцца вось гэтай прамой чыстай палітыкі. А насамрэч гэта нашмат прасьцей, чым стварыць праект і весьці яго некалькі месяцаў. Пры іх рэсурсах, пры іх уменні паставіць праблему і дзейнічаць, пры іх выканальнасці...

Мы столькі гадоў жылі ў “саўку” і за нас усё вырашалі. А зараз, здаецца, і ёсць магчымасць, але людзі ўжо прывыклі. Не існуе асветніцкіх кампаній на мясцовым узроўні. Мы ж усе рэспубліканскія арганізацыі і працуем на рэспубліканскім узроўні. Я думаю, што НДА павінны выйсці на лякальны ўзровень. Патрэба такая ёсць, а нас няма там, дзе мы павінны быць зараз. Усе мы робім нацыянальныя праграмы, а людзкі рэсурс не выкарыстоўваем.

Чым абумоўлена такая колькасць жанчын, што ўдзельнічаюць сёлета ў выбарах?

Па-першае, прэзідэнт Аляксандар Рыгоравіч сказаў, што моладзь і жанчыны нарэшце павінны прыйсці ў мясцовую ўладу. Гэты заклік быў выкананы: Беларускі саюз жанчын выставіў свае кандыдатуры, гэтак жа як БРСМ. Палітычныя партыі выставілі вельмі мала жанчын: толькі 5 працэнтаў ад усіх партыйных кандыдатаў . Самы вялікі працэнт – ад наменклатуры. Але гэтыя кандыдаткі нематываваныя. Яны, можа быць, добрыя людзі, але яны не разумеюць, якая іх функцыя. Праграмы ні пра што. Яны цалкам кіруемыя, яны не могуць прадстаўляць свае інтарэсы.

Да якіх цяжкасцяў павінен быць падрыхтаваны будучы кандыдат?

Гэтыя мясцовыя выбары – добрая магчымасць павучыцца, каб пасля ўпэўнена ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Для мяне і маёй каманды гэтыя выбары ёсць магчымасцю вывучыць метадалогію: што неабходна у далейшым рабіць, каб жанчына пайшла на выбары? І як яе трэба трэніраваць? Небходны псіхалагічны трэнінг: яна павінна ўмець выстаяць прэсінг выбаршчыкаў, таму што на цябе выліваецца вялікі паток болю. Ты мусіш навучыцца валодаць гэтай адмоўнай энергіяй. Гэтак жа заканадаўчы аспект. Многія жанчыны “зляцелі” толькі з-за памылак у дэкларацыі. А ўчастковыя камісіі з намі не працуюць. Альбо, напрыклад, каб аддрукаваць улёткі, нам даюць толькі 96 тысяч. Умовы для любых кандыдатаў – вельмі жорсткія. А жанчыны па натуры перфекцыяністы, калі яны робяць улётку, яна павінна быць добрая, з добрым фотаздымкам. Гэта я магу філасофскі паставіцца да маёй улёткі: ну ня вельмі сімпатычная, але затое сын добра атрымаўся. А большасць жанчын гэтага не вытрымліваюць.

Ці зменіцца ад прыходу жанчын да ўлады змест палітыкі, ці патрэбна чакаць, што больш увагі будзе надавацца сацыяльным пытанням?

Абавязкова. Жанчыны ўздымуць пытанні сацыяльныя, пытанні сям'і. У нас сацыяльная палітыка толькі задэклараваная. Гэта даказана ўжо даўно. А існюць такія тэмы, як дэмаграфія, экалогія, здароўе. Мы паміраючая нацыя. І ў нас павінны быць створаны радыкальныя ўмовы і сацыяльна агрэсіўныя пазітыўныя законы. Гэтыя пытанні могуць паставіць толькі жанчыны.

Каго б з жанчын вы хацелі бачыць у гарсавеце?

Ёсць шмат дастойных жанчын, якія балатуюцца. З розных партый. Ёсць абсалютна цудоўная жанчына з БСЖ, Таіса Пужэвіч, прадпрымальнік, мае ўнітарнае прадпрыемства па вытворчасці дзіцячага харчавання. Як кандыдат яна спрабавала ўжо тры разы. Альбо Галіна Багамолава, дэпутат гарсавета 23-га склікання, дырэктар ліцэя №2, на жаль, на гэты тэрмін яна не выдвігаецца. Ёсьць журналістка БДГ Кацярына Ткачэнка. У нашым Завадскім раёне ідзе яшчэ Валянціна Трыгубовіч ад БНФ, педагог Беларускага ліцэя. Калі выйгрываюць такія жанчыны – няхай яны выйгрываюць! Я думаю, што калі у гарсавет увойдуць такія жанчыны, то магчыма стварэнне нейкай мікракааліцыі. З імі можна дамовіцца. Увогуле мая пазіцыя такая: няхай жанчыны прыйдуць у савет, любыя жанчыны, а мы іх навучым, мы зробім зь іх палітыкаў.

Незалежна ад ідэалогіі, у кожнага палітыка павінен быць поспех. Я б вельмі пажадала выбаршчыкам чытаць біяграфію кандыдата і думаць: што ў яго ёсць? Чаго ён дасягнуў? Што стварыў? Выбіраючы кандыдата, трэба паглядзець на яго гісторыю. Дэпутата трэба пытацца: скажыце, што вы стварылі? Чым вы ў жыцці ганарыцеся?

Ці згодныя Вы з меркаваннем, што жаночай салідарнасці не існуе?

Я мару аб тым, каб пабудаваць сетку жанчын-прафесіяналак: юрыстак, прадпрымальніц, журналістак, гарамдскіх актывістак. Таму што існуе негалосная мужчынская салідарнасць на любым узроўні: дзяржаўным, палітычным, апазіцыйным. Палітыка – гэта “вотчына” мужчын. Гэта адзінае месца, дзе жанчыны маюць толькі 10 працэнтаў. Але я веру, што жанчыны, якія займаюцца бізнесам, маюць вышэйшую адукацыю, - што яны таксама пабудуюць сваю негалосную сетку салідарнасці для таго, каб падтрымліваць жанчыну. Таму што ёй патрэбная падтрымка. Яна не настолькі агрэсіўная, яна любіць парадак, сістэму, стабільнасць. Я думаю, што ў далейшым жанчыны пойдуць у палітыку. І я спадзяюся, што яны добраахвотна пагодзяцца не падстаўляць адна адну, а дапамагаць адна адной. І натуральна, жанчыны будуць гэта рабіць толькі тады, калі яны зразумеюць, навошта патрэбная салідарнасць: для таго, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Сацыяльную, дэмаграфічную.

Ці можна сабе ўявіць, каб жанчына перамагла на прэзідэнцкіх выбарах у нашай краіне?

Гэта мая мара. Аб гэтым вядзецца вялікая дыскусія, але я ведаю, што жанчына прывядзе іншага чалавека і яна стане прэм'ер-міністрам альбо жанчына стане прэзыдэнтам. У нас яшчэ ёсць чатыры гады. Зараз у нас мясцовыя выбары, куды пойдуць жанчыны, і парламенцкія выбары. На жаль, у нас склалася так, што ўсе мужчыны альбо працуюць у іншай дзяржаве і бізнэс маюць у іншай дзяржаве, альбо співаюцца. Калі ў іх ёсць пачуццё самазахавання, то яны з'язджаюць. Для мяне гэта прынцыповая рэч – жанчыны павінны зрабіць усё для таго, каб вярнуць мужчын. Гэта мая мэта.

Ці падтрымлівае сям'я ваш удзел у выбарах?

Дзякуй Богу, з боку бацькоў, сям'і і каханага чалавека існуе разуменне, мяне падтрымліваюць – канешне, не так, як бы я хацела, але ня чыняць перашкодаў. Гэта вельмі важна псіхалагічна. Таму што я прыходжу ў 11 гадзінаў, а ў мяне дома ўсё прыбрана, нагатавана, сын спіць, ну што я скажу? Я шчасліва. Але што зробіш – гэта такі перыяд. На гэта павінна быць мужчынская мудрасць.
Комментарии

Чтобы оставить комментарий, необходимо войти или зарегистрироваться
Сейчас на сайте посетителей:2
комментируют


Горячее ВИДЕО все видео
Loading...